Вірус Эбола можа заставацца ў мужчынскай сперме да трох месяцаў

Мужчыны, якія акрыялі ад ліхаманкі Эбола, павінны ўстрымлівацца ад сэксу на працягу трох месяцаў, папярэджваюць эксперты.

Спецыялісты з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) заявілі, што вірус, які забраў амаль 7000 жыццяў у Заходняй Афрыцы ў гэтым годзе, можа заставацца ў насеннай вадкасці мужчын на працягу 82 дзён.

Такім чынам, людзі, якім пашчасціла ачуняць пасля ліхаманкі Эбола, павінны ведаць, што іх сперма застаецца заразнай на працягу трох месяцаў з моманту з'яўлення сімптомаў хваробы. «З-за магчымасці перадачы віруса палавым шляхам на працягу гэтага часу яны павінны падтрымліваць асабістую гігіену пасля мастурбацыі і альбо ўстрымацца ад сэксу (у тым ліку аральнага сэксу) на працягу трох месяцаў пасля з'яўлення сімптомаў, альбо выкарыстоўваць прэзерватывы, калі ўстрыманне немагчыма», адзначаюць спецыялісты. Чатыры даследаванні 43 пацыентаў выявілі траіх мужчын, якія перажылі хваробу, але вірус ўсё яшчэ знаходзіўся ў іх сперме на працягу 40 дзён, 61 дня і 82 дзён.

Эксперты СААЗ кажуць, што ні аднаго выпадку перадачы палавым шляхам віруса Эбола зарэгістравана не было.